Теория:

Вызначэнне роду агульных і ўласных назоўнікаў іншамоўнага паходжання
  
Калі агульны назоўнік іншамоўнага паходжання не скланяецца (не змяняецца па склонах), то:
 
да назоўнікаў мужчынскага роду адносяцца словы, якія абазначаюць асоб мужчынскага полу, а таксама жывых істот: аўстралійскі кенгуру, знакаміты маэстра, прыгожы фламінга, небяспечны інкогніта (але: прыгожая жырафа, смачная івасі, страшная цэцэ);
 
да назоўнікаў жаночага роду адносяцца словы, якія абазначаюць асоб  жаночага полу: прыгожая лэдзі, добразычлівая фрау, дасціпная пані;
 
да назоўнікаў ніякага  роду належаць назвы неадушаўлёных прадметаў: прасторнае фае, непацверджанае алібі, багатае меню, глыбокае дэкальтэ.

Калі ўласны назоўнік іншамоўнага паходжання не скланяецца (не змяняецца па склонах), то род вызначаецца па родзе агульнага назоўніка, якім можна замяніць уласную назву: мужчынскі род — Токіа (горад), Батумі (горад), Хансю (востраў); жаночы род — Перу (дзяржава), Кіліманджара (гара); ніякі род — Антарыа (возера), Лах-Ры (возера).
 
Вызначэнне роду назоўнікаў, утвораных спосабам складання (АБРЭВІЯТУР)
Калі абрэвіятура змяняецца, то яе род вызначаецца па канчатку: працаваць на БАМе, у ЛіМе (нулявыя канчатакі ў назоўным склоне, таму гэта назоўнікі мужчынскага роду).

Аднак пераважная большасць абрэвіятур, якія ўтвораны з пачатковых літар слоў, не скланяюцца. Род такіх назоўнікаў вызначаецца па апорным слове:
 
мужчынскі род — БДУ (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), АКГ  (аптычны квантавы генератар), СНІД (сіндром набытага імунадэфіцыту), НКУС (Народны камісарыят унутраных спраў); 
 
жаночы род — ААН (Арганізацыя Аб’яднаных Нацый), ЭВМ (электронна-вылічальная машына), ВНУ (вышэйшая навучальная ўстанова), ЮНЭСКА (UNESCO — United Nations Educational, Scientific and Cultural Organization, ці Арганізацыя ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры);
 
ніякі род — СП (сумеснае прадпрыемства), ТАА (таварыства з абмежаванай адказнасцю).