Теория:

Складанне — такі спосаб словаўтварэння, пры якім з некалькіх утвараецца адно, складанае слова: частакол, прыродакарыстанне, далягляд.
Выдзяляюць наступныя тыпы складання:

1) словаскладанне, калі новае слова ўтвараецца з некалькіх самастойных (штораніцы, малавядомы, кілават–гадзіна);

2) асноваскладанне, пры якім аб’ядноўваюцца ў новае слова некалькі асноў, паміж якімі выкарыстоўваецца злучальная галосная (вялікарослы, светла-зялёны, чарнабровы);

3) асноваскладанне з адначасовым далучэннем суфікса, ці складана-суфіксальны спосаб (зернепагрузка, сталеліцейны, бурапенны).
 
Калі ў другой аснове складанага слова націск падае на першы склад, то ў першай аснове пішацца а (навагодні), бо знаходзіцца ў пазіцыі не пад націскам. Калі націск падае на другі і наступныя склады другой асновы, то ў першай аснове з’яўляецца пабочны націск і пішацца о (марозаўстойлівы).
 
Э ў першай частцы складаных слоў захоўваецца: шэравокі, мэтазгодна, рэдкалессе.
 
Націскі вызначаюць і правапіс е, ё або я: у першым складзе перад націскам замест е пішацца я. Напрыклад, землятрус, зернясховішча (першы склад перад асноўным націскам), медазбор (другі склад перад асноўным націскам), але зернесушылка (першы склад пасля пабочнага націску), мёдаварэнне (пад пабочным націскам).
Абрэвіяцыя — утварэнне новага слова шляхам зліцця ўсечаных (безадносна да марфемнай будовы) слоў.
Складанаскарочаныя словы (абрэвіятуры) могуць утварацца з:

1) частак слоў ці часткі і поўнага слова (гарпасёлак ад гарадскі пасёлак, селмаг ад сельскі магазін);

2)  пачатковых літар ці гукаў слоў, пры гэтым абрэвіятура пішацца з вялікіх літар (НАН ад Нацыянальная акадэмія навук, ЦУМ ад Цэнтральны ўніверсальны магазін Мінска);

3)  пачатковых літар і часткі слоў (БелТА ад Беларускае тэлеграфічнае агенцтва) і інш.