Теория:
Лік — граматычная катэгорыя, якая выражае здольнасць назоўнікаў абазначаць адзін або некалькі прадметаў.
У сучаснай беларускай мове выдзяляюцца адзіночны і множны лік.
Назоўнікі адзіночнага ліку абазначаюць адзін прадмет (сквер, вёска, мараль) або сукупнасць аднародных прадметаў як адно цэлае (смецце, насенне, шалупінне).
Назоўнікі множнага ліку абазначаюць некалькі прадметаў (дом — дамы, неба — нябёсы, чалавек — людзі) і звычайна ўтвараюцца ад асноў адзіночнага ліку пры дапамозе канчаткаў –ы (–і), зрэдку — канчатка –е (мінчанін — мінчане, грамадзянін — грамадзяне).
Найбольшая частка назоўнікаў у беларускай мове мае два лікі — адзіночны і множны: кветка — кветкі, дождж — дажджы, цёплае паліто — цёплыя паліто, прыгожы фламінга —прыгожыя фламінга).
Аднак некаторыя словы ўжываюцца толькі ў адзіночным ліку (яны называюцца адзіночналікавыя):
1) большая частка ўласных назоўнікаў (імён, назваў гарадоў, рэчак і г.д.) — Уладзімір Караткевіч, Васіль Зуёнак, Свіцязь;
2) зборныя назоўнікі (праменне, каменне);
3) рэчыўныя назоўнікі (смятана, малако, мяса);
4) абстрактныя назвы (шанцаванне, сумленне, адказнасць);
5) назвы сістэм кіравання, дзяржаўных фармацый, мастацкіх накірункаў (сацыялізм, дэспатызм, дадаізм, класіцызм);
6) назвы напрамкаў свету (поўдзень, усход) і інш.
Множналікавыя назоўнікі заўсёды ўжываюцца ў множным ліку:
1) назвы прадметаў, якія складаюцца з некалькіх аднолькавых частак (нажніцы, сані, джынсы, плаўкі, акуляры);
2) некаторыя рэчыўныя назоўнікі (духі, апілкі, дрожджы, кансервы);
3) назвы гульняў (шахматы, шашкі, жмуркі, фанты, хованкі);
4) народныя звычаі, абрады (заручыны, дакопкі, адведкі, дажынкі);
5) прыродныя з’явы (замаразкі, прыцемкі);
6) геаграфічныя назвы (Баранавічы, Філіпіны, Смілавічы) і інш.