Теория:

У курсе беларускай мовы выдзяляюць асноўныя віды пісьмовых прац:

1) дыктант (дакладная перадача на пісьме таго, што прадыктаваў настаўнік);

2) сачыненне (пісьмовае выказванне па вольнай ці дадзенай тэме);

3) пераказ (перадача на пісьме пачутага тэксту дакладна ці блізка да арыгінала);

4) пераклад (перадача тэксту іншай мовы на беларускую) і інш.
 
Усе пісьмовыя працы падзяляюцца на нятворчыя (дыктант) і творчыя (сачыненне, пераклад, пераказ), г. зн. тыя, якія дазваляюць уносіць пэўныя змены ў тэкст ці нават ствараць уласны тэкст.
1. Падрабязны пераказ з’яўляецца творчай работай, аднак арыентуе вучняў на максімальную дакладнасць у перадачы таго тэксту, які агучаны.
 
2. Сціслы пераказ  заснаваны на выбары з тэксту найбольш істотнага, г. зн. таго, што раскрывае асноўны сюжэт падзеі, дзеяння, змест апісання.
Патрабаванні да сціслага пераказу:

1) захаванне тыпу тэксту (апісанне, разважанне, апавяданне), г. зн. пры пераказе апавядання — уступ, асноўную частку і заключэнне патрэбна захаваць; разважання — тэзіс, доказы і вывады; апісання — агульную ацэнку прадмета і апісанне асобных яго прыкмет. Пры гэтым падрабязнасці (удакладненні) у абставінах падзей, разгорнутыя апісанні з’яў і прадметаў пажадана апускаць;

2) пераказаны тэкст павінен быць таго ж самага стылю, што і арыгінал;

3) захаванне тэмы і ідэі тэксту;

4) выбар неабходнага матэрыялу, скарачэнне менш істотнага для раскрыцця тэмы, ідэі, сюжэта.
Тэхналогія выканання сціслага пераказу (прыкладная):

1) праслухоўванне тэксту;

2) вызначэнне яго тэмы і ідэі, тыпу, стылю, яркіх вобразных сродкаў;

3) складанне падрабязнага плана расповеду, апісання ці разважання;

4) скарачэнне неістотных дэталяў, момантаў у сюжэце;

5) пісьмовы пераказ кожнай часткі плана без скарочаных момантаў;

6) рэдагаванне запісанага на чарнавіку;

7) перапісванне ўзноўленага і перапрацаванага тэксту на чыставік.