Теория:

У адпаведнасці са значэннем, граматычнымі асаблівасцямі выдзяляюць прыметнікі якасныя, адносныя і прыналежныя.
 
Якасныя прыметнікі абазначаюць прымету, якая можа праяўляцца ў большай ці меншай, найбольшай ці найменшай ступенях: цэлы і цалейшы, найцалейшы, малы і меншы, найменшы.
Характэрныя асаблівасці якасных прыметнікаў:
 
1) утвараюць ступені параўнання (малады і маладзейшы);
 
2) могуць спалучацца з прыслоўямі меры і ступені (вельмі разумны, занадта смелы);
 
3) здольныя абазначаць непаўнату якасці (цемнаваты, светлаваты) або выяўляць адценне памяншальнасці, ласкальнасці (беленькі, шэранькі);
 
4) утвараюць антанімічныя пары (цёмны і светлы, белы і чорны);
 
5) ад большасці якасных прыметнікаў магчыма ўтварыць якасныя прыслоўі (магутны і магутна, важны і важна), а таксама назоўнікі з адцягненым значэннем (белізна, сінеча, цямрэча);
 
6) некаторыя прыметнікі могуць мець кароткую форму, якая ўтвараецца шляхам адсячэння апошняга галоснага ў канчатку слова (далікатная і далікатна дзяўчына). Прыметнікі кароткай формы заўсёды ў сказе з’яўляюцца выказнікамі (Мой край мне міл).
Адносныя прыметнікі абазначаюць прымету праз адносіны да часу (ранні, ранішні, позні); матэрыялу, з якога зроблены прадмет (дубовы, бярозавы); прызначэння (будаўнічы, гаспадарчы); месца (насценны, прыдарожны); дзеяння (гнуткі) і інш.
 
Прыналежныя прыметнікі абазначаюць прыналежнасць асобам мужчынскага (утвараюцца ад назоўнікаў мужчынскага роду пры дапамозе суфіксаў –оў (–ов), –ёў (–ёв), –аў (–ав), –еў (–ев): братаў, Мішаў) ці жаночага полу (утвараюцца ад назоўнікаў жаночага  роду пры дапамозе суфіксаў –ін (–ын): Машын, бабулін).
 
Ва ўтварэнні прыналежных прыметнікаў выкарыстоўваюцца і іншыя суфіксы: дзіцячы, свінячы (–яч–); мядзведжы, чалавечы, воўчы (нулявы суфікс).
Часам прыметнікі ў розных кантэкстах могуць мяняць свой лексіка-граматычны разрад:

лісіна нара (прыналежны) — лісіны каўнер (адносны) — лісіны характар (якасны);

воўчы след (прыналежны) — воўчы кажух (адносны) — воўчы апетыт (якасны);

залаты пярсцёнак (адносны) — залаты характар, лістапад (якасны).