Теория:
Якасныя прыметнікі пры ўтварэнні ступеняў параўнання набываюць простую (з аднаго слова) ці складаную (з двух слоў) форму.
Простая форма вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў утвараецца пры дапамозе суфіксаў –эйш– (–ейш–) ад пачатковай формы прыметнікаў (ласкавы і ласкавейшы).
Часам пры ўтварэнні вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў адбываецца змена асноў (у гэтым выпадку гавораць пра т. зв. суплетыўныя асновы): добры — лепшы (таксама: дабрэйшы характар), малы — меншы, дрэнны — горшы, вялікі — большы (не блытаць: высокі — вышэйшы).
Простая форма найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў утвараецца пры дапамозе прыстаўкі най– ад простай формы вышэйшай ступені параўнання ( ласкавейшы і найласкавейшы).
Складаная форма вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў утвараецца пры дапамозе слоў больш, менш ад пачатковай формы прыметнікаў (больш сціплы, больш памяркоўны).
Складаная форма найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў утвараецца ад пачатковай формы прыметніка пры далучэнні слоў самы, найбольш, найменш (самы смелы, найбольш зацікаўлены).
Прыметнікам, якія ў рускай мове ўжываюцца ў форме вышэйшай ступені параўнання са значэннем найвышэйшай ступені праяўлення якасці (лучшее произведение, глубочайший колодец), у беларускай мове адпавядаюць прыметнікі толькі найвышэйшай ступені: найлепшы твор, найглыбейшы калодзеж.
Нельга дапускаць ужывання і падобных форм: найшырокі, найвялікі (найвышэйшая ступень параўнання ўтвараецца ад вышэйшай ступені, не ад пачатковай формы прыметніка).
Ступені параўнання не ўтвараюцца ад прыметнікаў, якія абазначаюць:
1) стан чалавека (жывы, мёртвы, нямы, дарослы);
2) яго знешнюю фізічную якасць (кульгавы, барадаты, лысы);
3) адценне колеру (светла-шэры, цёмна-зялёны) ці колер праз адносіны да прадметаў (бэзавы, вішнёвы);
4) масць жывёл (гняды, пегі, вараны, буланы);
Складаныя прыметнікі таксама не ўтвараюць ступеняў параўнання: шэравокі, чорнавалосы.