Теория:

Формаўтварэнне — гэта змяненне слова, утварэнне формаў роду, ліку, склону, часу і інш.
Да формаўтваральных афіксаў (марфем) адносяцца суфіксы ступеняў параўнання прыметнікаў (лепшы, найхутчэйшы), памяншальна–ласкальныя і павелічальна–ўзмацняльныя суфіксы (домік, яблынька, таўшчэзны).
 
Словаўтварэнне — гэта ўтварэннне зусім новых слоў, якія характарызуюцца не адценнямі, а новымі значэннямі.
 
Найчасцей новыя словы і іх формы ўтвараюцца пры дапамозе марфем — значымых частак слова (яны выражаюць лексічнае або граматычнае значэнні слова).
 
Канчатак — значымая частка слова, якая з’яўляецца паказчыкам словазмянення, служыць для сувязі слоў у словазлучэнні і сказе.

Нулявы канчатак – гэта матэрыяльна не выражаны канчатак (напрыклад, у назоўніках мужчынскага роду назоўнага склону: дзень, пень, водар).
Нулявы канчатак нельга блытаць з адсутнасцю канчатка ў словах, якія не змяняюцца. У прыватнасці, не маюць канчаткаў агульныя назоўнікі іншамоўнага паходжання на галосны (пюрэ), прозвішчы і ўласныя назвы іншамоўнага паходжання на галосны (Місісіпі, Гётэ), прозвішчы на зычны, якія абазначаюць асоб жаночага полу (Клішэвіч Марыя).
Аснова — частка слова без канчатка, якая выяўляе яго асноўнае лексічнае значэнне: народ, мам–а, паш–а. Аснова можа супадаць з коранем (невытворная) або ўключаць, акрамя яго, прыстаўкі і суфіксы (вытворная).
 
Корань — агульная частка роднасных (блізкіх па значэнні) слоў. Напрыклад, пад–вод–ны, вад–а, вод–ны.
У мове адзначаюцца выпадкі, калі ў розных словах карані аднолькавыя або блізкія па гукавым складзе, але маюць рознае значэнне. У такім разе карані адносяцца да няроднасных слоў: падножны і ножны, мара і марак.
Прыстаўка — частка слова, якая знаходзіцца перад коранем і служыць для ўтварэння новых слоў (высокі і невысокі) ці іх формаў (лепшы і найлепшы).
 
Суфікс — марфема, якая стаіць пасля кораня звычайна перад канчаткам: сад–ов–ы, мароз–н–ы. Служыць для ўтварэння новых слоў ці іх формаў.