Теория:

Стыль — гэта сукупнасць сродкаў мовы, а таксама спосабаў і  прыёмаў іх выкарыстання ў адпаведнасці з разнастайнымі сітуацыямі маўлення.
Сярод стыляў вызначаюцца кніжныя (навуковы, публіцыстычны, афіцыйна-дзелавы), гутарковы і мастацкі.

АФІЦЫЙНА-ДЗЕЛАВЫ СТЫЛЬ
  
Асноўная функцыя: выкарыстоўваецца для наладжвання зносін у афіцыйных сферах (заканадаўства, справаводства, дзелавая перапіска і інш.).

Жанры: закон, пастанова, пагадненне, мемарандум, дамова, заява, аб’ява, інструкцыя, правілы наведвання і карыстання чым-небудзь, аўтабіяграфія, стэнаграма афіцыйнага выступлення і інш.

Прыкметы: афіцыйнасць, неэмацыянальнасць, канкрэтнасць, дакладнасць, тэксты маюць пэўную (часам дастаткова строгую) форму афармлення.

Асаблівасці мовы:
  • словы, якія абазначаюць назвы разнастайных афіцыйных дзелавых папер (заява, загад і інш.);
  • выразы-штампы (прыняць да ведама, зачытаць парадак пасяджэння, заслухаць і абмеркаваць, вызначыць парадак выступлення і інш.);
  • канцылярызмы, г. зн. словы спецыфічнай сферы чалавечай жыццядзейнасці — справаводства (прашу дазволіць, накіроўваем на дадатковы разгляд, ніжэйпадпісаны і інш.);
    тэксты насычаны назоўнікамі і прыметнікамі;
  • наяўнасць спасылак на афіцыйныя дакументы, выказванні аўтарытэтных асоб, статыстычныя дадзеныя;
  • ужыванне няклічных,  а таксама складаных сказаў.