Теория:

Сказы, як правіла, будуюцца са слоў, якія з’яўляюцца членамі сказа. Існуюць галоўныя і даданыя члены сказа. Чым яны адрозніваюцца паміж сабой? Галоўныя члены сказа выяўляюць яго асноўны змест, а даданыя — толькі дапаўняюць. Таму галоўныя члены з’яўляюцца граматычнай асновай сказа, а даданыя заўсёды залежаць ад галоўных.
Дзейнік — галоўны член сказа, які абазначае ўтваральніка дзеяння (Ён прыгожа танцуе) або таго (тое), пра каго (што) гаворыцца ў сказе (Яна майстар сваёй справы. Дзень сонечны).
Дзейнік адказвае на пытанні хто? што? і падкрэсліваецца адной лініяй:
(Хто?) Віктар (назоўнік) засмяяўся.
(Хто?) Ён (займеннік) не любіў гаварыць пра сябе.
(Што?) Зямля (назоўнік) дала багаты ўраджай жыта.
(Хто?) Сястра з братам (назоўнікі) ішлі па адным баку вуліцы.
(Што?) “Новая зямля”  (прыметнік і назоўнік) даўно стала класікай беларускай літаратуры.
(Што?) Тры і восем (лічэбнікі) — адзінаццаць.
Як правіла, дзейнікамі з’яўляюцца назоўнікі, займеннікі, прыметнікі і лічэбнікі ў назоўным склоне.
Выказнік — галоўны член сказа, які абазначае тое, што гаворыцца пра дзейнік.
Выказнік адказвае на пытанні што робіць прадмет? які ён ёсць? хто ці што ён такі? і падкрэсліваецца дзвюма гарызантальнымі лініямі:
Маці (што зрабіла?) напісала (дзеяслоў) мне пісьмо.
Вецер (які ён ёсць?) моцны (прыметнік).
Наша школа (што яна такая?) — гэта храм (назоўнік) ведаў.
Як правіла, выказнікамі з’яўляюцца дзеясловы, радзей — назоўнікі, прыметнікі і іншыя часціны мовы.
 
Дзейнік — граматычна незалежны член сказа, выказнік залежыць ад дзейніка, паколькі менавіта ад дзейніка да яго ставіцца пытанне. Разам з тым у мове шмат сказаў, у якіх ёсць толькі адзін галоўны член сказа, тады ён з’яўляецца граматычна незалежным: Цудоўная вясна! Не спіцца.