Теория:
У беларускай мове існуюць галосныя і зычныя, якія могуць быць прыстаўныя (ужываюцца ў пачатку слова) ці ўстаўныя (знаходзяцца ў сярэдзіне слова).
Галосныя а, і заўсёды прыстаўныя.
Прыстаўное а ўжываецца ў такіх словах, як аржаны (таксама: іржаны), амшара (таксама: імшара).
Прыстаўное і пішацца перад збегам зычных, які пачынаецца з л, р, калі папярэдняе слова заканчваецца на зычны, пасля знака прыпынку ці ў пачатку сказа (убачыць іржышча, пагладзіць ільвяня), а перад м — заўсёды (узнялася імгла і так імгненна).
Зычны г можа быць прыстаўны (гэты, гэтакі, гэтулькі, гэтак, гэтаксама, гэй, га, гэ) і ўстаўны (адгэтуль, дагэтуль).
Прыстаўное (устаўное) в пішацца:
- Перад каранёвым націскным у ў пачатку слоў, а таксама ва ўсіх вытворных ад іх словах незалежна ад націску: вучань і навука, вузел і вузлаваты, вусы і чарнавусы;
- Перад націскным о ў пачатку слоў і пасля прыставак: восень і ўвосень, ворыва і заворваць, воблака і завоблачны (але: наогул, окаць). Калі ў ненаціскным становішчы о пераходзіць у а, то прыстаўны (устаўны) не пішацца: вокны і акно, возера і азярышча;
- У такіх словах, як вока, востры, навокал, вакол, і вытворных ад іх (наваколле, завастрыць, вачаняты);
- У некаторых іншых словах перад о, у: павук, павуцінне, ніводзін, Лявон, Тадэвуш, Навум, Матэвуш, Радзівон, есавул, каравул, цівун, Навуменка.
Прыстаўныя і ўстаўныя не пішуцца:
- Ва ўласных назвах перад о, у: Орша, Ульяна, Ушачы;
- У запазычаных словах: ода, урна, опера, унія, унікум (але: вустрыца, вохра, воцат);
- На месцы у, якое развілося з в: унук, учора, улада, удвух.