Теория:

Слова, якое мае толькі адно значэнне, называецца адназначным.
Жарнасек — чалавек, які вырабляе, а таксама насякае жорны.
Ларнет — складныя акуляры з ручкай.
Адназначнымі звычайна з’яўляюцца словы, якія абазначаюць:

1) навуковыя тэрміны (назоўнік, словазлучэнне, кавалентная сувязь, трохвугольнік, бісектрыса);

2) уласныя назвы (Мікалай, Сатурн, Баранавічы);

3) родавыя назвы дрэў, раслін, мінералаў і інш. (сасна, канюшына, бурштын).
Пераважная большасць слоў мае некалькі значэнняў, г. зн. яны мнагазначныя. Такія словы больш старажытныя ў параўнанні з адназначнымі, паколькі “прырашчэнне” значэнняў, як правіла, адбываецца на працягу доўгага часу. Напрыклад, слова “барабан” мае некалькі значэнняў, якія датуюцца розным часам узнікнення: 1) ударны музычны інструмент; 2) пусты цыліндр у механізмах, машынах.
 
Усе значэнні мнагазначнага слова ў тлумачальных слоўніках падаюцца пад адным слоўнікавым артыкулам (слова з пералікам яго значэнняў).
Адзінарны, -ая, -ае. 1. Які складаецца з адной часткі; не падвойны. Адзінарныя вокны. 2. Прызначаны для аднаго, разлічаны на аднаго чалавека. Адзінарны ложак. Адзінарная палатка (А.Я.Баханькоў, І.М.Гайдукевіч, П.П.Шуба. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, 1996).
Такое размяшчэнне выклікана тым, што ўсе значэнні манагазначнага слова маюць нешта агульнае, блізкае паміж сабой.
 
Ад манагазначных слоў трэба адрозніваць амонімы — словы, аднолькавыя па напісанні, але зусім розныя па значэнні (паміж імі няма нічога агульнага). Іх тлумачэнне падаецца ў розных слоўнікавых артыкулах.
Рацыя1, і, ж. Прыёмна-перадатачная радыёстанцыя, звычайна пераносная.
Рацыя2, і, ж. Разумная падстава, сэнс, аснова; слушнасць. Ён мае рацыю так гаварыць (А.Я.Баханькоў, І.М.Гайдукевіч, П.П.Шуба. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, 1996).
Прамое значэнне слова — гэта асноўнае лексічнае яго значэнне. Напрыклад, маці — жанчына, якая нарадзіла і выхоўвае дзіця; летні – які мае адносіны да лета.
 
Пераноснае значэнне — гэта тое значэнне, якое выяўляе з’явы, прыметы і дзеянні апасродкавана, праз перанос уласцівасцей. Напрыклад, чалавек спявае (прамое значэнне) і вецер спявае (вецер набывае ўласцівасці чалавека, г. зн. адбываецца перанос дзеяння з жывой на нежывую істоту).
 
Сінонімы — словы, розныя па гучанні і напісанні, але блізкія па значэнні: моцны і магутны, лёгкі і няцяжкі. Сінонімамі могуць быць толькі словы адной часціны мовы ці ўстойлівыя выразы (фразеалагізмы): мала і кот наплакаў, уважліва і наставіўшы вушы.
 
Часам сінонімамі з’яўляюцца словы, якія маюць адценні значэнняў: вецер (рух паветраных мас), вятрыска (халодны калючы вецер), ураган (вельмі моцны вецер).
 
Ужыванне сінонімаў дазваляе ўзбагаціць маўленне, перадаць самыя падрабязныя асаблівасці паняццяў.
 
Антонімы — словы, якія маюць супрацьлеглае значэнне: чорны і белы, яркі і цёмны, кароткі і доўгі.
 
Як правіла, не маюць антонімаў словы з канкрэтным значэннем (прас, нож) і навуковыя тэрміны (прыметнік, азначэнне).
 
Выкарыстанне антонімаў дазваляе больш ярка перадаць асаблівасці паняццяў праз выяўленне іх непаўторнасці, непадобнасці паміж сабой.