Теория:

Для перадачы інфармацыі ў вусным ці пісьмовым маўленні служаць словы. Яны могуць абазначаць:

1) прадметы (хто? што?) — алень, аловак, кніга;

2) з’явы рэчаіснасці (што?) — ураган, непагадзь, снегапад, град;

3) прыметы (які? чый?)  — высокі, цёмны, мілы;

4) колькасць ці парадак пры лічэнні (колькі? які?) — пятнаццаць, пятнаццаты;

5) дзеянні (што рабіць? што зрабіць?) — працаваць, смяяцца, выкошваць і інш.
Здольнасць слова называць, апісваць прадметы, прыметы, дзеянні і іншае называецца яго лексічным значэннем.
Слова можа мець адно або некалькі лексічных значэнняў, а розныя словы — аднолькавае, супрацьлеглае ці блізкае значэнні.
 
Найперш за ўсё лексічнае значэнне слова апісваецца ў  тлумачальным слоўніку. Сярод асноўных спосабаў тлумачэння гэтага значэння выдзяляюць:

1) апісальны, г. зн. шляхам акрэслівання характэрных прымет чаго–небудзь;

2) падбор сінонімаў, у тым ліку і з іншых моў;

3) падбор разнастайных прыкладаў з той жа самай лексемай (словам), у якіх яе значэннне празрыстае, выразнае, зразумелае;

4) раскрыццё словаўтваральных ці марфемных асаблівасцяў слова і інш.
Лексічнае значэнне неабходна адрозніваць ад граматычнага значэння, г. зн. здольнасці слова набываць пэўныя формы (роду, ліку, склону, асобы, ладу і г.д.). Напрыклад, слова «рука» мае лексічнае значэнне «канечнасць, частка цела чалавека», а граматычнае —  ужываецца ў форме назоўнага склону адзіночнага ліку.