Теория:
Паводле сферы ўжывання лексіка беларускай мовы падзяляецца на агульнаўжывальную і абмежаванага ўжытку.
Да другой групы адносяцца словы, якімі карыстаюцца абмежавана, у залежнасці ад:
1) мясцовасці, геаграфічнай тэрыторыі (дыялектныя словы, ці дыялектызмы);
2) сацыяльнай групы (жаргонныя словы, ці жарганізмы);
3) сферы жыццядзейнасці чалавека (спецыяльная лексіка);
4) гісторыі бытавання (устарэлыя словы і неалагізмы).
Дыялектныя словы — словы, які ўжываюцца ў адной ці групе гаворак. Напрыклад, суконнікі — суконныя штаны, віляхвост — падліза, тамацька — там (на Магілёўшчыне). Значэнне такіх слоў зразумелае па большасці толькі прадстаўнікам пэўнай мясцовасці. Дыялектызмы могуць выкарыстоўвацца ў літаратурных творах для характарыстыкі герояў як прадстаўнікоў пэўнага геаграфічнага асяроддзя.
Жаргонныя словы — словы, якія сустракаюцца ў маўленні людзей пэўных сацыяльных груп. Напрыклад, у студэнтаў: аўтамат — залік, зашыцца — схавацца, класна — вельмі добра.
Да спецыяльнай лексікі адносяцца навуковыя тэрміны (выкарыстоўваюцца ў пэўнай галіне ведаў: электрон, індукцыя, ом — у фізіцы; каробачка, нырка, сэрца — у біялогіі), а таксама прафесійныя словы (ужываюцца носьбітамі пэўнай прафесіі: педагагічны савет, семінар, класна–абагульняльны кантроль — у настаўнікаў; гэблік, долата, рашпіль — у цяслярстве).
Да ўстарэлай лексікі адносяцца гістарызмы (абазначаюць прадметы і з’явы, якія не сустракаюцца ў сучасны момант: кардынал, гайдук, лёкай) і архаізмы (устарэлыя назвы сучасных прадметаў: длань і далонь, травень і май, алавік і аловак).
Ад устарэлай трэба адрозніваць старую лексіку — спрадвечна беларускія словы, якія паходзяць з глыбокай старажытнасці і якімі мы зараз актыўна карыстаемся (неба, агонь, вада, карова, конь).