Теория:

Мова — адна з галоўных здольнасцяў чалавека як разумнай істоты.
Яна адрознівае яго ад жывёл, птушак і іншых  жывых істот, якія не маюць свядомасці, г.зн. не разумеюць сваёй індывідуальнасці, не ствараюць прадуктаў інтэлектуальнай дзейнасці.
 
Мова такая ж старажытная, як і чалавецтва. Яе вытокі цяжка высветліць, аднак зразумела адно: яна з’явілася тады, калі ў чалавека ўзнікла неабходнасць перадаць свае ўражанні ад спасціжэння навакольнага свету камусьці (чалавеку, жывёле) ці чамусьці (багам, прыродным аб’ектам) іншаму. Такім чынам, мова — гэта не проста сістэма сігналаў (жэстаў, гукаў, малюнкаў), але сродак зносін.
 
Для чаго чалавеку наладжваць зносіны пры дапамозе мовы?
Па-першае,  у мове выяўляюцца назвы разнастайных прадметаў і з’яў рэчаіснасці.  Гэта дазваляе суразмоўцам дакладна разумець змест сваёй гутаркі, меркаваць пра прадметы, на якія немагчыма ўказаць, якія можна абазначыць толькі словамі (шчасце, пяшчота, тыдзень). У выніку мова дазваляе людзям абменьвацца думкамі, інфармацыяй.

Па-другое, у кожнага народа ёсць свае словы для абазначэння прадметаў і з’яў рэчаіснасці. На  працягу стагоддзяў ён ствараў новыя словы, але пры гэтым не адмаўляўся і ад прывычных, якія ўжываліся працяглы час. Таму мова — гэта ўвасабленне гісторыі, культуры і духоўнага вопыту продкаў.  Перастаць размаўляць на роднай мове — адмовіцца  ад сваіх каранёў, народа.

Па-трэцяе,  словы дазваляюць раскрываць разнастайныя адносіны да навакольнага свету і сябе (любоў, каханне, нязгоду, сумненне і г.д.). Болей за тое, пры дапамозе мовы ў чалавека з’явілася выдатная магчымасць выяўляць свае адносіны на адлегласці (пісьмо) і ў розны час (мінулае, будучыня).  Таго, каму накіравана паведамленне, называюць адрасатам. Той, хто накіроўвае інфармацыю, называецца адрасант. Напрыклад, у сказе Мама павіншавала дачку з днём нараджэння мама — гэта адрасант, а дачка — адрасат.