Теория:
Выкарыстанне сродкаў мовы (гукаў, слоў, сказаў і інш.) стварае самыя шырокія магчымасці для людзей у выяўленні ўласных адносін да акаляючага свету, у перадачы любой інфармацыі на адлегласці і ў часе. Аднак сродкі мовы чалавек не выкарыстоўвае свабодна, а выбірае ў залежнасці ад сітуацыі маўлення.

Вялікую частку слоў нашай мовы можна выкарыстоўваць у разнастайных сітуацыях маўлення: маці, бацька, Радзіма, кніга, рука і інш. Гэта агульнавядомыя словы, паколькі яны самыя старажытныя. Іх ужыванне для нас прывычнае, часта не патрабуе спецыяльнага аналізу сітуацыі маўлення. Такія словы называюцца стылістычна нейтральнымі.
Аднак у пэўнай сферы жыццядзейнасці людзі прыдумваюць іншыя назвы вядомым прадметам, прыметам і дзеянням. Напрыклад, галава — мазгаўня (у побытавых зносінах), двойка — пара (у вучняў, студэнтаў), канец — фінал (у афіцыйных сітуацыях), пабудова — кампазіцыя (у навуцы), светла-шэры ці шэры — пасівелы (у паэзіі), гаварыць абы-што — плявузгаць (у побытавых зносінах). Таксама ёсць словы, якія ўжываюцца толькі ў адной ці некалькіх сферах дзейнасці чалавека: прыслоўе, часціца (навука), мемарандум (палітыка), даводжу да вашага ведама (справаводства) і інш. Такія словы называюцца стылістычна афарбаванымі.
Стылістычныя нейтральнасць, афарбаванасць характэрныя не толькі для лексічных, але і словаўтваральных, фанетычных, марфалагічных, сінтаксічных, іншых сродкаў мовы.