Теория:
Сярод розных тыпаў простых сказаў асаблівае месца належыць словам–сказам. Іх выдзяленне з’яўляецца дастаткова ўмоўным (па сутнасці гэта не сказы ў поўным значэнні гэтага тэрміна), аднак неабходным фактам у мовазнаўстве.
Словы–сказы — гэта сказы, якія складаюцца са слоў, што не з’яўляюцца членамі сказа: Ура! Так! Не.
Асаблівасці слоў–сказаў:
1) у сваім складзе не маюць граматычнай асновы;
2) не могуць быць развітымі ці неразвітымі (няма даданых членаў сказа);
3) вымаўляюцца з інтанацыяй закончанасці, г. зн. пасля іх абавязкова ставіцца знак прыпынку, характэрны для канца сказа (пытальнік, клічнік, кропка і іншыя);
4) звычайна ўжываюцца ў дыялогах.
У якасці слоў–сказаў могуць ужывацца словы, якія не з’яўляюцца членамі сказа:
1) часціцы (так, не, але);
2) выклічнікі (дзякуй, а–я–яй, ух, ой);
3) гукаперайманні (цып–цып, кап–кап);
4) словы розных часцін мовы, што з’яўляюцца пабочнымі (канешне, безумоўна, можа быць) і ўжываюцца ў асобным сказе;
5) устойлівыя выразы, звязаныя з выказваннем розных эмоцый, пачуццяў (дай божа, слава богу, божухна, чорт яго ведае);
6) звароткі, што ўтвараюць асобны сказ (Беларусь! Мае сябры!) і інш.