Теория:
Зваротак — гэта адно (неразвіты) або некалькі (развіты) слоў, што абазначаюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца:
Цімафей, вазьмі кнігу ў свайго таварыша.
Вяртайцеся з выраю хутчэй, журавы.
Некаторыя даследчыкі прапаноўваюць адрозніваць ад звароткаў вакатыўныя сказы, якія абазначаюць асобу або прадмет з адначасовай іх характарыстыкай:
Ох, паганцы! І нагнаў жа іх чорт на яго галаву (Якуб Колас).
Драбяза малая, не блытайцеся пад нагамі.
Асабовыя займеннікі ў пераважнай большасці выпадкаў таксама не з’яўляюцца звароткамі:
Вы, студэнты, павінны наведваць бібліятэку часцей.
Часам займеннікі ты, вы могуць выступаць у ролі звароткаў:
Гэй, ты! Садзіся! Падвязу (І.Шамякін).
Месца зваротка ў сказе свабоднае: можа знаходзіцца ў яго пачатку, сярэдзіне ці канцы.
Пустазелле, цябе я не баюся!
Прылятайце, любыя журавы, хутчэй да нас.
Сачыце за часам, паважаныя дакладчыкі!
Зваротак не з’яўляецца членам сказа, паколькі да яго нельга паставіць пытання ад іншых слоў:
Не смейцеся, дзеці.
Дзеці не смяюцца.
Зваротак заўсёды вымаўляецца больш гучна (клічна) у параўнанні з іншымі словамі і выдзяляецца паўзамі.
Знакі прыпынку пры зваротках
Пры клічным вымаўленні зваротак выносіцца за межы сказа і выдзяляецца клічнікам (калі застаецца ў сказе, то таксама можа выдзяляцца не коскай, а клічнікам):
Людзі! Не маўчыце, гаварыце праўду адзін аднаму!
А, дзядзька! дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! (Якуб Колас).
Сэрца мае! заўсёды будзь чуйнае да людскога гора!
Часціца о знакамі прыпынку ад зваротка не аддзяляецца:
О бары Беларусі! Якія вы багатыя!
Выклічнікі аддзяляюцца ад зваротка коскай:
Эх, сяброўства... Якое ты можаш быць нетрывалае!
Не аддзяляюцца яны коскай тады, калі пасля іх у сказе знаходзяцца паслядоўна асабовы займеннік і зваротак:
Гэй ты, сонцу раўня, не на тое пазваў на вяселле!.. (Янка Купала).