Теория:

Адасабленне — сэнсавае, інтанацыйнае і пунктуацыйнае (коскамі або працяжнікамі) выдзяленне  даданых членаў сказа.
Пры адасабленні коскі або працяжнікі з’яўляюцца выдзяляльнымі знакамі прыпынку (не блытаць з раздзяляльнымі, якія ставяцца паміж канструкцыямі). Калі даданы член знаходзіцца ў сярэдзіне сказа, то выдзяляецца з двух бакоў, калі ў яго пачатку ці канцы — з аднаго. Пры гэтым адасабленне ажыццяўляецца толькі коскамі ці толькі працяжнікамі (нельга выдзяляць коскай і працяжнікам).
Адасабляцца могуць і дапасаваныя, і недапасаваныя азначэнні. Дапасаваныя азначэнні выражаюцца прыметнікамі, дзеепрыметнікамі, парадкавымі лічэбнікамі, некаторымі займеннікамі (змяняюцца, як прыметнікі), а недапасаваныя азначэнні — іншымі часцінамі мовы.
Развітыя дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні пасля паяснёнага слова адасабляюцца заўсёды:

Лес, такі змрочны здалёк (дапасаванае азначэнне), аказаўся гасцінны і добры зблізку.

Хлопчык, з вузел ростам (недапасаванае азначэнне), стаяў проста пры ўваходзе ў хату.
 
Пасля паяснёнага слова адасабляюцца некалькі неразвітых дапасаваных, недапасаваных, дапасаваных і недапасаваных азначэнняў:

Дарога, шырокая, заасфальтаваная (дапасаваныя азначэнні), стала візітнай карткай пасёлка.

Госці, у паліто, з рукавіцамі (недапасаваныя азначэнні), ужо падрыхтаваліся да вандроўкі на холадзе.

Кветкі, жоўтыя, чырвоныя, з крапінкамі (дапасаваныя і недапасаванае азначэнні), заварожвалі наведвальнікаў выставы.
 
Адасабленне адзіночнага неразвітага азначэння пасля паяснёнага слова абавязковае, калі:

1) дапасаванае азначэнне мае дадатковае акалічнаснае значэнне (Міхал, спалоханы, усё яшчэ маўчаў);

2) дапасаванае азначэнне адносіцца да асабовага займенніка (Ён, віяланчэліст, быў запатрабаваны ў розных аркестрах);

3) недапасаванае азначэнне, выражанае інфінітывам, знаходзіцца пры галоўным слове, якое мае пры сабе дапасаванае азначэнне (Мы ўсе пачулі строгі бацькаў загад  — не сваволіць на ўроках).
 
Азначэнні перад паяснёным словам звычайна не адасабляюцца:

Старанныя, працавітыя, загартаваныя ў розных інтэлектуальных конкурсах вучні сабраліся на першым паверсе школы.
 
Перад паяснёным словам заўсёды адасабляюцца дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні, калі:

1) адносяцца да асабовага займенніка (Загадкавы, незвычайнай геаметрычнай формы,  ён [экспанат] быў выстаўлены ў галерэі яшчэ ў студзені месяцы);

2) маюць дадатковае акалічнаснае значэнне, звычайна прычыны (Пакрытыя фарбай, сцены пакоя выглядалі абноўленымі);

3) аддзелены ад галоўнага слова недапасаванымі членамі сказа, найперш выказнікам ці акалічнасцю (Падабраныя па форме і памерах, стаялі каля хаты рыдлёўкі, шуфлі і сякеры).