Теория:
Прыдаткам называецца азначэнне, выражанае назоўнікам ці спалучэннем слоў з ім, якое дае другую назву прадмету (камень–гаспадар, вучні–выдатнікі).
Каб адрозніць прыдатак (адно слова) ад паяснёнага слова, трэба кіравацца наступным правілам: прыдатак, характарызуючы прадмет, дае яму другую назву. Таму ў спалучэнні слоў рака Нёман прыдаткам з’яўляецца другое слова (раку можна назваць Нёманам, Днепрам і інш.), у спалучэнні настаўнік Іван Пятровіч — першае слова (Іван Пятровіч можа быць настаўнікам, пісьменнікам, спеваком і інш.).
Аднаслоўныя прыдаткі з галоўнымі словамі пішуцца, як правіла, асобна або праз злучок.
Пішуцца асобна, калі:
1) агульны назоўнік знаходзіцца перад уласным (возера Нарач, горад Мінск);
2) прыдатак–агульны назоўнік, які знаходзіцца перад паяснёным словам, можна замяніць прыметнікам (прыгажуны (ці прыгожыя) коні).
Пішуцца праз злучок, калі:
1) і прыдатак, і паяснёнае слова з’яўляюцца агульнымі назоўнікамі (дзеці–пестуны, зямля–маці);
2) агульны назоўнік знаходзіцца пасля ўласнага (Свіцязь–возера, Няміга–рака).
Выдзяляюцца з двух бакоў (адасабляюцца) аднаслоўныя (неразвітыя) прыдаткі, калі:
1) знаходзяцца перад ці пасля паяснёнага слова, выражанага асабовым займеннікам (Яны, выдатнікі, з’яўляліся гонарам школы);
2) інтанацыйна выдзяляюцца і знаходзяцца пасля паяснёнага слова, якое мае пры сабе дапасаваныя азначэнні (Яго каханая Марыя, аднакласніца, хутка будзе паступаць у медыцынскі ўніверсітэт);
3) ужываюцца са злучнікам як і маюць дадатковае значэнне прычыны (нельга сказаць «у якасці»). Напрыклад, Міхась з Антосем, як старыя, займалі месцы канцавыя (Якуб Колас);
4) даюць другую назву (сінанімічную) прадмету і ўжываюцца са злучнікамі ці, або (Антонім, або слова з супрацьлеглым значэннем, з’яўляецца адным з тэрмінаў лексікі).
Пры значным сэнсавым выдзяленні, інтанацыйных паўзах паяснёнае слова (уласны назоўнік) можа станавіцца прыдаткам і таксама адасабляцца:
Ад яго брата, Макара, даўно не было вестак.
Неаднаслоўныя (развітыя) прыдаткі выражаюцца спалучэннем назоўніка з іншымі часцінамі мовы. Напрыклад, у сказе Я люблю кветкі — сонцавы дзеткі прыдаткам з’яўляецца спалучэнне назоўніка з прыметнікам сонцавы дзеткі (так названы кветкі).
Развітыя прыдаткі пасля паяснёнага слова заўсёды адасабляюцца:
Песня, душа народа, суправаджаюць людзей ад нараджэння да смерці.
Перад паяснёным словам развітыя прыдаткі адасабляюцца, калі:
1) адносяцца да асабовага займенніка (Ад яго, усімі любімага сына, сапраўднай дапамогі не было);
2) маюць дадатковае акалічнаснае значэнне, звычайна прычыны (Маленькі вундэркінд, Саша з лёгкасцю рашаў складаныя для іншых задачы);
3) аддзелены ад галоўнага слова недапасаванымі членамі сказа, найперш выказнікам ці акалічнасцю (Сапраўднае ўпрыгожанне дрэў, прыходзіць з маразамі іней).