Теория:

Канструкцыі з параўнальнымі злучнікамі (як, нібы, быццам, бы, што і інш.), якія шляхам параўнання раскрываюць змест іншых членаў сказа, называюцца параўнальнымі зваротамі: Як кантыненты (параўнальны зварот), вялікія беларускія балоты.
У сказе параўнальныя звароты звычайна бываюць акалічнасцямі (Як птушкі, ад здзіўлення ўзляцелі яе бровы ўверх) ці азначэннямі (Быццам залатыя, заззялі на сонцы жоўтыя сланечнікі). 
 
Дастаткова ўмоўным з’яўляецца выдзяленне ў якасці параўнальных зваротаў канструкцый, што выконваюць ролю выказніка (Сэрца як камень. Сцены хаты былі нібы саламяныя).
 
Не з’яўляюцца параўнальнымі зваротамі словы, якія паўтараюцца (Ноч як ноч. Дзіця як дзіця).
Параўнальныя звароты неабходна адрозніваць ад параўнанняў, якія могуць выражацца назоўнікамі творнага склону (Маленькімі сонейкамі параскіданы бурштын па берагах мора).
На пісьме параўнальныя звароты выдзяляюцца коскамі незалежна ад месца ў сказе:

Цікаўна, як чалавек, глядзела на мяне краска (Я. Сіпакоў).

Бурліць крыніца агнявая, бы нейкі грозны віхар–вір… (Якуб Колас).

Не выдзяляюцца параўнальныя звароты, калі:

1) з’яўляюцца ўстойлівымі (відна як днём, гол як сакол, галодны як воўк, злы як сабака, белы як палатно, белы як снег, пабляднеў як палатно, моцны як дуб, здаровы як бык, лёгкі як пярынка, няўклюдны як мядзведзь, патрэбны як паветра,  чорны як сажа,  цвёрды як камень,  чырвоны як рак,  цёмна як ноччу,  хітры як ліса,  палахлівы як заяц,  халодны як лёд,  баяцца як агню, берагчы  (глядзець)  як  вока,  ведаць як свае пяць пальцаў, маўчаць як рыба, біцца як рыба аб лёд,  не бачыць як сваіх вушэй,  як рукой зняло,  як рукой падаць, як кот наплакаў, растаў як снег, лопнуў як мыльны пузыр, прыстаў як смала,  стаіць як укопаны,  спаў як забіты,  расце як на дражджах, адчуваць сябе як дома, усе як на падбор, як на далоні, як на іголках і інш.). Напрыклад, Віктар стаў як укопаны;

2) маюць значэнне «ў якасці» (не прычыны). Напрыклад, Ён доўгі час працаваў у якасці бібліятэкара;

3) знаходзяцца пасля часціц не або зусім. Напрыклад, Сонца прыгравала зусім як летам (М. Парахневіч).