Теория:
Апісанне — тып тэксту, у якім раскрываюцца прыметы, асаблівасці прадметаў, дзеянняў і з’яў рэчаіснасці.
Апісанне займае асаблівае месца сярод іншых тыпаў маўлення (апавяданняў і разважанняў):
1) выяўляе істотныя прыметы чаго–небудзь;
2) раскрывае гэтыя прыметы не ў развіцці, а статычна, як жывапісны малюнак, фатаграфію (зафіксаваны пэўны момант).
Вясна ўступала ў сілу. Снегу ўжо зусім не было ў палях. Ажылі балоты. Жаласна застагналі кнігаўкі, цяжка лятаючы над вадою. Высока ў небе звінелі жаваранкі. Абсохшая зямля пачынала іскрыцца зялёным аксамітам кволай пахучай траўкі (Якуб Колас).
Будова тэкстаў–апісанняў:
1) агульнае ўражанне ад прадмета, дзеяння ці з’явы рэчаіснасці;
2) раскрыццё асобных прымет;
3) ацэнка алюстраваных прадмета, дзеяння ці з’явы рэчаіснасці (заключэнне).
Дзень быў ясны, цёплы… Жалобна крычалі кнігаўкі, снуючыся над балотамі, над вадою, як бы шукалі вельмі дарагую страту і ніяк не знаходзілі. У зацішку на лужынах тужліва кумкалі зялёныя жабы, а далей у балотах, між лесу, пераклікаліся бугаі, бухаючы, як у пустыя кадушкі. Гэта буханне на далёкай адлегласці будзіла лясы, прыдаючы агульнаму настрою Палесся асаблівыя тоны. Сталыя і важныя буслы з незвычайнаю сур'ёзнасцю хадзілі па краях балота або ляталі да гнёздаў на старых хвоях і папраўлялі свае апушчаныя на зіму палацы. Там і сям на ўскраінах лясоў распускаліся маладыя лісточкі бярэзінак. Жоўтыя пухаўныя каткі звісалі на вербалозінах, купаючыся на сонцы і склікаючы пчолак і чмелікаў. Зялёныя кветачкі павыбіваліся ўжо на свет скрозь сухія выцвіўшыя лісці, і прынадныя пахі разлівала ў паветры маладая чаромха. Адны толькі паважныя дубы, узбагачаныя вопытам жыцця за свой доўгі век, не вельмі спяшаліся расчыняць свае покаўкі і выпускаць адтуль свежую зелень маладых лісточкаў, бо дуб — мудрае дрэва, і не паддаецца ён на зман няпэўнай у пачатку вясны (Якуб Колас).
У чыстым выглядзе апісанні сустракаюцца дастаткова рэдка (найперш у мастацкім, навуковым стылях), найчасцей — у спалучэнні з іншымі тыпамі маўлення.
Вызначаюцца розныя віды апісанняў:
1) пейзаж (апісанне з’яў прыроды, пэўных прыродных аб’ектаў);
2) партрэт (апісанне знешнасці чалавека);
3) замалёўка з натуры (напрыклад, прадмет гарадской архітэктуры, помнік мастацтва);
4) апісанне дзеянняў, працэсаў і інш.