Теория:

Ускладнены сказ
Сказ можа ўскладняцца:

1) аднароднымі членамі;

2) адасобленымі членамі;

3) звароткамі;

4) пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі;

5) параўнальнымі зваротамі.
Аднародныя члены сказа
Аднароднымі называюцца такія члены сказа, якія:
1) адносяцца да аднаго і таго ж слова;
2) адказваюць на адно і тое ж пытанне;
3) з’яўляюцца адным і тым жа членам сказа.
Аднародныя члены сказа вымаўляюцца з інтанацыяй пералічэння: кожны наступны аднародны член сказа вымаўляецца павышаным тонам, апошні — паніжаным, а паміж імі робяцца паўзы.
 
Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа:

На стале ляжалі сшыткі  і  алоўкі.

Нашы мары мудрыя і сціплыя.

Я люблю малявацьтанцаваць і дэкламаваць вершы.

У кашпо былі пасаджаны чырвоныя і жоўтыя кветкі.

Гучнаразлівіста заспяваў сваю песню салавей.
 
Аднак трэба мець на ўвазе, што дзейнікі, выказнікі, дапаўненні і акалічнасці заўсёды аднародныя, а вось азначэнні бываюць аднародныя і неаднародныя.
 
Аднародныя азначэнні:

1) характарызуюць прадмет па розных прыметах, але з аднаго боку (Чырвоныя і белыя (колер) півоні радавалі суседзяў. На ўскрайку лесу раслі высокія і нізкія (памер) дрэвы);

2) недапасаваныя ці дапасаванае і недапасаванае (вялікія, з кілагарам вагою);

3) калі выражаны мастацкімі азначэннямі, ці эпітэтамі (Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова! Н.Гілевіч);

4) калі з’яўляюцца адасобленымі (А лес маўчыць, глухі, таемны. Якуб Колас).
 
Неаднародныя азначэнні:

1) характарызуюць прадмет з розных бакоў (Вялізныя (памер) цёмныя (колер) хмары завалаклі неба);

2) выражаны прыметнікамі розных лексіка–граматычных разрадаў (высокі цагляны дом — якасны і адносны прыметнікі, стары бацькаў шалік — якасны і прыналежны прыметнікі).
 
 
Пры аднародных членах сказа могуць ужывацца спалучальныя (і, і — і, ды (у значэнні і), як  — так і, не толькі  — але і), супраціўныя (а, але, ды (у значэнні злучніка але), аднак, затое, хоць і — але) і размеркавальныя (ці, або, ці то — ці то, не то — не то і інш.) злучнікі.
Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа
Аднародныя члены сказа раздзяляюцца коскамі, калі паміж імі няма злучнікаў:

На карціне былі намаляваны дамы, гараджане, няяркія ліхтары.
 
Пры адзіночных злучніках коска ставіцца толькі перад супраціўнымі злучнікамі; пры паўторных — перад кожным наступным злучнікам; пры парных — перад другой часткай злучніка:

Я люблю цукеркі і торты.

На ёлцы запальваліся і белыя, і жоўтыя, і чырвоныя агеньчыкі.

Як сонца, так і месяц зачароўваюць сваёй прыгажосцю людзей.
 
Спалучальны злучнік і (ды ў значэнні і) можа звязваць аднародныя члены парамі, пры гэтым пары раздзяляюцца коскамі:

Маша і Саша, Віктар і Алена сябруюць з дзяцінства.
 
Калі злучнік і паўтараецца два і болей разы пры трох і большай колькасці аднародных членаў, то коска ставіцца і перад першым і:

Колас, і Купала, і Багдановіч заззялі на небасхіле беларускай літаратуры ў пачатку дваццатага стагоддзя.